БЫ́ХАЎСКІ ПАВЕ́Т,

Старабыхаўскі павет (да 1852). Існаваў на тэр. Беларусі ў 1772—96 і 1802—1923. Утвораны 8.6.1772 пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Быхаў (Стары Быхаў). 23.12.1796 пры скасаванні Магілёўскай губерні павет скасаваны, тэр. ўвайшла ў Беларускую губерню. Адноўлены 11.3.1802 з аднаўленнем Магілёўскай губ. Пл. Павета 4105,8 кв. вёрстаў, нас. 124 820 чал. (1897). У павеце было 10 валасцей: Баханская, Бычанская (раней Новабычанская), Гарадзецкая (пазней Старабыхаўская), Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская (раней Царкоўнаасавецкая), Даўгамохская, Навабыхаўская, Прапойская, Чыгірынская; 476 нас. пунктаў (1897). З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Быхаўскі павет у яе складзе. З лют. 1919 у складзе Магілёўскай (з 26.4.1919 Гомельскай) губ. РСФСР. 14.2.1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Магілёўскі, Рагачоўскі і Чэрыкаўскі паветы Гомельскай губ.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)